ШТУ́ЧНАЕ ДЫХА́ННЕ, штучная вентыляцыя лёгкіх, дыханне, якім кіруюць,

увядзенне паветра ў лёгкія і выдаленне яго адтуль штучнымі метадамі (з выкарыстаннем інструментаў і апаратаў або без іх) для аднаўлення самаст. дыхання пры часовай адсутнасці яго. Адзін з метадаў рэанімацыі.

Метады Ш.д.: удзіманне (з роту ў рота, у нос і інш.) і вонкавыя метады змены аб’ёму грудной клеткі, якія рэдка выкарыстоўваюцца (боксавы і кірасны рэспіратары). Ш.д. часам спалучаюць з закрытым масажам сэрца. Асобны від Ш.д. — дыфузнае дыханне (бесперапыннае ўвядзенне кіслароду ў лёгкія праз маску, трубку і інш. пры адсутнасці дыхальных рухаў). Выкарыстоўваецца пры спыненні або недастатковай натуральнай вентыляцыі лёгкіх у выпадках хваробы, траўмы, клінічнай смерці або пры выкананні некат. хірург. аперацый пад наркозам, пры інтэнсіўнай тэрапіі.

І.​М.​Семяненя.

Штучнае дыханне: 1 — з рота ў рот; 2 — з рота ў нос.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)